|
Адкрыцьцё выставы Генадзя Драздова ў Нью-Йорку |
|
|
Thursday, 29 November 2007 |
|
25 лiстапада ў Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага, Беларускі Музэй адчыніў выставу вядомага ў Беларусі і па-за яе межамі Генадзя Драздова. Творы, рэпрэзэнтаваныя ў экспазыцыi "Вышэй за хмарачосы" ахопліваюць прыкладна пятнаццацігадовы адрэзак творчасьці мастака. Можна было на ўласныя вочы ўбачыць 19 палотнаў жывапісу, 8 графічных лістоў і 5 абразоў, навацыйных па тэхніцы выкананьня.
Падчас iмпрэзы аўтар растлумачыў стылістычна-вобразны строй сваiх працаў як трансцэндэнтны сімвалізм. Мастак адзначыў, што гэта спроба асэнсаваць сродкамі выяўленчага мастацтва сёньняшні надзвычай складаны, цікавы і поўны таямніц сусьвет. Свабода творчасьці дазваляе мастаку мець свой адносна незалежны і адметны погляд на хаду падзей і разьвіцьцё грамадства. У той жа час мастак мае вялікую адказнасьць, паколькі сваёй творчасьцю ўплывае на разьвіцьцё і фармаваньне чалавечай асобы і яе сьветапогляду. Таму хрысьціянскія каштоўнасьці з'яўляюцца шкалой вымярэньня дабра і зла, сьвятла і цемры, яны ёсьць дамінуючым аспектам творчасьці Генадзя Драздова.
Трэба адзначыць, што таленавiтасць мастака пасьпяхова праявiлася i ў галiне паэзii. Дзесяткі беларусаў, якiя сабраліся на адкрыцьцё выставы, зацікаўлена слухалi вершы ў выкананнi аўтара.
Мае мары і памкненьні вышэй за хмарачосы, і не купяць іх босы ні за якія грошы. Маёй краіны няма на мапе, яна ў сэрцы і ў душы, маіх карцін няма ў Мэтраполітэн музэі, але іх бачыць Бог са сваёй вышыні.
Мастацтва заўсёды мела функцыю ўзаемапранікненьня і дыялёгу паміж рознымі культурамі і рознымі народамі. У гэтым сэнсе можна разглядаць творчасьць Генадзя Драздова як зрэз беларускага мастацтва і магчымасьць яго прапагандаваць у Амэрыцы.


Наталля Рабава |