|
26 Лістапада 2007 году, з Волі Божае, адыйшоў у Вечнасьць Мітрапаліт і Першаерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладыка Ізяслаў.

Мітрапаліт Ізяслаў, у сьвеце Іван Бруцкі, нарадзіўся 22-га студзеня 1926-га году ў сяле Белавуша, цяпер Столінскага раёну, Берасьцейскае вобласьці, а тады пад Польшчай, у сялянскай сям’і Данілы й Марыі Бруцкіх-Стэмпкоўскіх. Іван быў трэйцім сынам у сям’і, а пасьля яго яшчэ прыйшлі на сьвет дзьве сястры й адзін брат, які памёр яшчэ зусім малым.
У бацькоў была прыблізна 25-ці гэктаравая гаспадарка, якую яны ўмела й дбайліва апрацоўвалі, а сам бацька ўзімку яшчэ падзарабляў вывазкай лесу. За ягоную гаспадарнасьць і пісьменнасьць Іванаў бацька карыстаўся ў сяле агульнай павагай, дзеля якое й быў выбраны на солтыса, ды валаснога радніка.
Іван, тымчасам, з 1933-га году пачаў хадзіць у польскую пачаткавую школу, 6-тую клясу якое скончыў увесну 1939-га году. Побач з навукай у польскай школе, пабожныя й актыўныя ў жыцьці мяйсцовае праваслаўнае парахвіі, Іванавыя бацькі вучылі яго й кірылічнае граматы, каб умеў чытаць гадзіны (часы) й памагаць у адправах.
Увосень 1939-га году Заходнюю Беларусь зайняў Савецкі Саюз і для Бруцкіх ранейшае нялёгкае жыцьцё пад польскім займом неўзабаве абярнулася ў трывожнае ды небясьпечнае існаваньне пад савецкай уладай, бо на пачатку лета 1940 г. бацька быў арыштаваны й, пасьля 10-ці месячнага зьняволеньня ў турме, вывязены ў Казахстан, чаго чакала й рэшта сям’і. Не зважаючы на гэтую пагрозу Іван, усё-ж, пайшоў у пераарганізаваную на савецкі лад школу, дзе й вучыўся аж да пачатку нямецка-савецкае вайны ў 1941-м годзе.
Насталая пасьля пачатку гэтае вайны нямецкая акупацыя ня прынясла сям’і Бруцкіх жаданага спакою, 6о да цяжкасьці здабываньня хлеба без гаспадара ў хацс, неўзабаве далучылася яшчэ й небясьпека расправы, як ізь сям’ёю "ворага народу", з боку савецкіх партызанаў. Да таго яшчэ акупацыйны рэжым у Райхскамісарыяце Украіны, да якога тады было далучанае Палесьсе, не схацеў адчыняць школы, а моладзь, што падрастала, стаў раз-за-разам забіраць на работу ў Нямеччыне.
У адзін з гэтых набораў трапіў у канцы травеня 1943-га году й сямнаццацігадовы Іван Бруцкі ды ў выніку апынуўся ў "остарбайтарскім" лягеры ў Фленсбургу, каля мяжы з Даніяй. Папрацаваўшы коратка на фабрыцы, покуль яе не разьбілі амэрыканскія бамбавікі, ён быў узяты на паправу рэйкавых усьцілаў на чыгунцы, дзе й працавау да капітуляцыі Нямеччыны.
Калі скончылася вайна Іван наважыў ня ехаць дамоў на ўзнава акупаваную саветамі зямлю, а застацца за мяжою й з гэтае прычыны мусеў колькі месяцаў хавацца ад прымусовае рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз.
Як адно вывазы на ўсход прыціхлі й пачалі арганізавацца ўцякацкія асяродкі, а ў іх культурнае й асьветнае жыцьцё, Іван, даведаўшыся, што ў украінскім лягеры ў Гановэры адчыняецца гімназыя, адразу падаўся туды на навуку. У гімназыі быў прыйняты на матуральны курс, які скончыў з атэстатам сьпеласьці навесну 1947-га году.
Імкнучыся да вышэйшае асьветы, а ня маючы матарыяльных магчымасьцяў здабываць яе ў Нямеччыне, Іван улетку 1947-га году выехаў у Канаду, дзе напачатку каля году працаваў на высяку лесу ў правінцыі Антарыё. Адпрацаваўшы тэрмін кантракту, у 1948-м годзе ён пераехаў у Вініпэг у цэнтры Канады, дзе знайшліся людзі з роднага сяла, што выяхалі з Краю яшчэ перад вайною.
Там, сьпярша працаваў на фабрыцы, але жаданьне здабыць вышэйшую асьвету не пакідала яго й таму, падвучыўшыся ангельскае мовы, ён пайшоў на падрыхтоўчы ўнівэрсытэцкі курс і ўжо ўвосені 1949 году пачаў студыі будаўное інжынерыі на Манітобскім унівэрсытэце, зарабляючы на жыцьцё на часовых і летніх работах.
На пачатку 1949-га году Іван, пасьля амаль 9-ці гадовае разлукі, меў радасьць сустрэцца з бацькам, якому пашчасьціла вырвацца з польскай арміяй Андэрса йз Савецкага Саюзу й апынуцца да канца вайны зь сем’ямі вайскоўцаў ажно ў Уганьдзе, што ўва Усходняй Афрыцы, ды ўрэшт на сынавае патрабаваньне пераехаць у Канаду.
У 1954-м годзе Іван Бруцкі завяршыў унівэрсытэцкія студыі здабыцьцём інжынерскае ступені й пачаў працаваць у дарожным адзьдзеле правінцыі Антарыё. У гэтай правінцыі, улучаючы й ейную сталіцу Таронта, зьмяняючы, дзеля лепшага заработку колькі разоў мейсцы працы, ён працаваў ажно да 1962-га году.
Не адныя, аднак, заробкі цікавілі маладога інжынера, больш яшчэ яго цягнула да беларускае нацыянальнае працы, актыўным удзельнікам якое ў грамадзкай арганізацыі й у мяйсцовай Таронцкай парахвіі БАПЦ ён неўзабаве становіцца. Працуючы ў Таронта ў 1957-м годзе ён нават быў старшынём Згуртаваньня Беларусаў Канады.
Улетку 1962-га году Івану ўдалося легальна эміграваць у ЗША й атрымаць працу ў Дэтройце.
I тут, апрача прафэсыянальнага зайнятку, ён шмат часу прысьвячаў беларускім справам, два гады займаючы становішча старшыні адзьдзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) ды бяручы ўдзел у дзейнасьці Камітэту Паняволеных Народаў і этнічнае групы рэспубліканскае партыі.
Разьвіцьцё эканомікі штату Каліфорнія, што пачынаюмы йз 60-х гадоў прыцягнула туды мільёны амэрыканцаў, заахвоціла й інжынера Бруцкага падацца туды ды знайсьці працу ў Лос Анджэлэс. Там ён узноў адразу ўлучыўся ў беларускае грамадзкае жыцьцё, чатыры гады выконваючы абавязкі старшыні мяйсцовага адзьдзелу БАЗА ды ўэноў займаючыся дзейнасьцяй у Камітэце Паняволеных Народаў і ў рэспубліканскай партыі.
У 1969-м годзе яго сустрэла цяжкое перажываньне, бо давялося назаўсёды разьвітацца з бацькам, які пасьля 29-ці год разлукі больш ня мог стрываць тугі па сям’і й роднай зямлі, ды вярнуўся на Беларусь.
Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Каліфорніі, у якім браў актыўны ўдзел Іван Бруцкі, дзеля малое колькасьці аселых там беларусаў, не давала, аднак, магчымасьці стварыць сталы асяродак, дзе гуртавалася-6 арганізацыйная ды царкоўная дзейнасьць.
Тымчасам гэткі асяродак існаваў і спорна разьвіваўся ў Кліўлэньдзе, што ў штаце Огаё, дык туды ў канцы 1969-га году Іван Бруцкі й пераехаў. Гэтта ён праз два гады быў старшынём Парахвіяльнае Рады Царквы Жыраўскае Іконы Божае Маці БАПЦ і з гэтае пары пачынаецца ягоная царкоўная дзейнасьць.
Вясною 1971-га году ў ягоным жыцьці здараецца рэдкая радасьць, 6о, паехаўшы ў Польшчу, сустракаецца з маці й з братам ды сёстрамі, якіх ня бачыў 28 год, а якім пашанцавала тады атрымаць дазвол на адвед за мяжою.
У гэтым самым годзе ён варочаецца ў Дэтройт, дзе ўжо была заснаваная й набыла свой будынак парахвія БАПЦ і дзе, апрача ранейшых абавязкаў у БАЗА й вонкавай рэпрэзэнтацыі беларускае грамады ўлучыўся таксама і у жыцьцё мяйсцовае парахвіі, ды БАПЦ наагул. Дзейны ягоны ўдзел у парахвіяльным жыцьці ён выяўляў на становішчах старшыні Парахвіяльнае Рады, ейнага скарбніка й сакратара, ды нават дзяка пры адправе Божых Службаў. Быў таксама абраны на сябра Рады БАПЦ і дэлегата на Сабор БАПЦ у 1972-м годзе, што адбыўся ў Гайлэнд Парку.
Актыўны ўдзел у царкоўным жыцьці ўзбудзіў у душы інжынера Бруцкага моцную цягу да вышэйшых духовых вартасьцяў і да службы Богу, ды Бацькаўшчыне ў ролі духаўніка, да чаго ён адразу й пачаў рыхтавацца.
Ягоная гатовасьць прысьвяціць сябе на службу Божай Справе між свайго Народу сустрэла падтрыманьне з боку сьв. пам. Мітрапаліта Андрэя й 29-га красавіка 1979-га году Іван Бруцкі быў усьвячаны на дыякана, а 26-га жнівеня таго-ж году Архіяпіскапам Мікалаям на сьвятара.
22 лютага 1981-га году ў Царкве-Помніку Сьв. Ап. Андрэя Першпакліканага, што ў Баўнд Бруку, Н. Дж., а. архімандрыт Ян Бруцкі Мітрапалітам УПЦ Мсьціславам (пазьнейшым першым Кіяўскім Патрыярхам), архіяпіскапам УПЦ Арэстам ды Мітрапалітам БАПЦ Андрэям быў хіратанізаваны ў япіскапскую годнасьць з манаскім імём Ізяслаў.
У травені 1983-га году, чарговым III-м Саборы БАПЦ у Манчэстары, што ў Англіі, стаў галавой БАПЦ з татулам мітрапаліта.
Да 2003 года узначальваў адну зь дзьвюх галінаў БАПЦ, а пасьля аб’яднаўчага царкоўнага сабору 2003 г. узначаліў абодва крылы БАПЦ.
Няхай Госпад упакоіць душу Ягоную, дзе ўсе Праведнікі супачываюць.
Вечны супакой Табе, Незабыўны Добры Пастыр! Пахавальныя адправы па ўпакоіўшымся Першаерарху БАПЦ Мітрапаліту Ізяславу адбудуцца ў пятніцу, 30 Лістапада а 5-й гадзіне вечара, і ў сыботу, 1 Сьнежня 2007 г., а 9-й гадзіне раніцы, у Царкве Жыровіцкае Іконы Божае Маці, ў Highland Park, New Jersey:
9 River Road Highland Park New Jersey 08904, Тэл:            (609) 635-1717 / Факс: (732) 940-6523.
Пахаваньне адбудзецца ў сыботу, 1 Сьнежня 2007 г., а 12:00 апоўдні, на беларускіх могілках у New Brunswick, NJ. Belaoc.org
|