|
4 сакавіка ў Таліне скончыўся кангрэс новай дыяспары Эўропы і ЗША, а таксама прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі. У ім узялі ўдзел дэлегаты з больш як 25 розных арганізацыяў, партыяў і груп. Гэта – актыўныя маладыя беларусы з Беларусі, ЭЗ і ЗША, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве паміж сабою. Прысутнічалі таксама ганаровыя госьці, прадстаўнікі старэйшага пакаленьня беларускай дыяспары і беларускай палітычнай і культурнай эліты: Зянон Пазьняк, Алесь Шатэрнік і Якуб Гутман.
Удзельнікі кангрэсу знайшлі агульныя каштоўнасьці і стратэгічныя мэты, не гледзячы на тое, што яны маюць рознае бачаньне сітуацыі ў нашай краіне і розныя палітычныя погляды. Акрамя гэтага, яны вызначылі прадметны план дзеяньняў у сьферы інфармацыйнай працы, абароны беларускіх дэмакратычных сілаў, прасоўваньня беларускай культуры ў сваіх краінах. На базе суладнай пазыцыі па будучыні Беларусі, па перспектыўных накірунках сумеснай працы прынялі дэклярацыю пра намеры па выніках кангрэсу. Падчас асабістых нефармальных стасункаў удзельнікі кангрэсу лепш пазнаёміліся, абмяркавалі магчымасьць сумеснай працы і ўзаемадапамогі. Удзельнікі адзначылі, што існуе неабходнасьць каардынацыі дзеяньняў і ўзмацненьне эфектыўнасьці працы дыяспары ў Прыбалтыцы, Скандынавіі і ЗША.
Удзельнікі Кангрэсу новай дыяспары мелі вытворчыя сустрэчы са спадарыняй Крыстынай Аюланд – віца-сьпікерам Парляменту Эстоніі, Міністрам замежных справаў Эстоніі спадаром Паэтам, прадстаўнікамі эстонскага дэпутацкага корпусу, грамадзянамі, журналістамі і інтэлектуаламі. Гаворка ішла пра сітуацыю ў Беларусі, ролю дыяспары ў працэсах дэмакратызацыі краіны, а таксама пра тое, чым Эстонія ў гэтым можа дапамагчы. Таксама прайшлі сустрэчы з акрэдытаванымі ў Эстоніі дыпляматамі з ЗША і Швэцыі. Удзельнікі Кангрэсу далі ім інфармацыю пра рэальную сітуацыю ў Беларусі і мерах, якія маглі бы наблізіць дэмакратычныя зьмены.
Удзельнікі Кангрэсу вырашылі зрабіць яго станоўным і штогадовым, а таксама стварыць паміж сабой сетку узаемадзеяньня. |