website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Адраджэньне Іерархіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Адправіць на e-mail
Friday, 23 May 2008
Нарэшце надыйшоў доўгачаканы дзень, да якога рыхтавалася ўся Беларуская Аўтакэфальная Праваслаўная Царква (БАПЦ) у эміграцыі - адбылася хіратонія (высьвячэньне) архімандрыда Сьвятаслава ў епіскапы (сьвецкае імя – Вячаслаў Логін).

Пасьля адыходу ў іньшы сьвет нашага Першагэрарха БАПЦ Мітрапаліта Ізяслава, наша БАПЦ у эміграцыі асірацела. Ад дня сьмерці Мітрапаліта Ізяслава (26 лістапада 2007 году) быў апякуном нашае БАПЦ архіяпіскап Уманьскі і Дэтройтаўскі Аляксандр, за што яму вялікі дзякуй.

10 траўня 2008 году, у суботу, у Катэдральным Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага, у Брукліне, адбылася вячэрняя архіярэйская Богаслужба, на якой адбылося "нарачэньне" - абяцаньне Богу, перад прысутным сьвятарствам і парахвіянамі быць слугой Богу і людзям, кіраваць прыходамі, сьвятарствам і вернікамі, назіраць і навучаць прапаведваць Слова Божае і выконваць Законы Божыя.

 

Абрад "нарачэньня" і архіерэйскую хіратонію выконвалі іерархі Украінскае Аўтакэфальнае Праваслаўнае Царквы ў ЗША (якая вядзе радавод хіратоніяў ад УАПЦ у часе другое сусьветнай вайны: архіепіскап Уманьскі і Дэтройтаўскі – Аляксандр, япіскап Х'юстанскі і Тэхаскі Макаріос, з удзелам япіскапа Барыспальскага Паісія (УПЦ Кіяўскі Патрыярхат).

 

Зь імі разам удзельнічалі ў Богаслужбе: мітрафорны пратаярэй Міхайло (Бруклін), Іярэй Іван, мітрафорны пратаярэй Міхайло (Дэтройт), пратаярэй Уладзімір, Іярэй Зіновій, айцец Полл, айцец Орэст і архідыякан Мікалай. Добра дапамагала сьвятарству сьпяваць сваім цудоўным гучным голасам матушка Людміла, вялікі ёй дзякуй і за віньшавальныя вершы.

 

На нядзелю, 11 траўня 2008 году прыпадае сьвята Сьвятога Кірылы Тураўскага, чыё імя носіць наш Катэдральны Сабор. Адбылося вялікае і ўрачыстае сьвята. У гэты цёплы, сонечны дзень сьвята атрымалася. Мусіць Богу было патрэбна, каб высьвячэньне архімандрыда Сьвятаслава ў япіскапы было ў дзень сьвята Сьвятога Кірылы Тураўскага, а для нас вернікаў – гэта падвойнае сьвята, таму што мы маем зараз вярхоўнага сьвятара, які будзе кіраваць духоўным жыцьцём усёй БАПЦ у эміграцыі.

 

Праз узраджэньне іерархіі БАПЦ у эміграцыі нашы царквы атрымалі новае дыханьне, БАПЦ уваскрасае так, як і Ісус Хрыстос Уваскрос.

 

Пасьля асноўнага абраду хіратоніі і віньшаваньня сьвятарствам новага япіскапа Сьвятаслава (сьвецкае імя Вячаслаў Логін), была адпраўлена Малітва ў гонар Маці Божай і ўсіх Маці, якія далі нам жыцьцё.

 

Сьвята "Дзень Маці" сьвяткуецца ў Амэрыцы і другіх краінах у другую нядзелю траўня. Па заканьчэньні Сьвяточнай Літургіі архіяпіскап Аляксандр павіньшаваў усіх Маці зь іх сьвятам, а затым павіньшаваў парахвіяніна Мікалая Сагановіча зь днём Народзін, які быў на прайшоўшым тыдні.

 

Мы вернікі БАПЦ верым, што Ісус Хрыстос Уваскрос, верым, што ўваскрэсьне і наша БАПЦ, а зь ёй уваскрэсьне наша мова, культура і наша Радзіма Беларусь. Цяпер мы маем уладыку Сьвятаслава, япіскапа Новаградзкага і Паўночнай Амэрыкі БАПЦ.

 

Сьвята працягвалася ў парахвіялінай залі на першым паверсе, дзе "Сястрынства" нашага Сабору прыгатавала пачастунак. На гэтым абедзе прысутнічалі госьці зь НЮ-Ёрку, НЮ-Джэрсі, Кліўлянду і Канады, было больш чым 100 чалавек. Першым павіньшаваў япіскапа Сьвятаслава Расьціслаў Гарошка – Старшыня Парахвіяльнай Рады Катэдральнага Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Вялікую падзяку выказаў прысутным япіскапам і ўсяму сьвятарству Сакратар Кансысторыі БАПЦ – Якуб Сапяжынскі, ён цёпла вітаў нашага новага япіскапа Сьвятаслава. З падзякай прысутнаму сьвятарству і віньшаваньнем выступілі Старшыня Парахвіяльнай Рады Парахвіі Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці зь Гайлен Парку - Віктар Дубяга і Старшыня Парахвіі Сьвятога Кірылы Тураўскага зь Таронта (Канада) - Міхась Тапуноў.

 

На сьвяточным абедзе прысутнічалі і нашыя палітычныя дзеячы: Івонка Сурвілла - старшыня Рады БНР; Зянон Пазьняк - старшыня БНФ; Вячка Станкевіч – старшыня Галоўнай Управы БАЗА. Усе яны выказалі словы ўдзячнасьці сьвятарству нашай братняй Украіны ды цёплыя, добрыя пажаданьні ўладыку Сьвятаславу, здароўя і сіл для працы на Божай ніве.

 

Архіяпіскап Аляксандр у сваім віньшаваньні ўладыку Сьвятаславу даў добрыя парады, выказаў пажаданьні, дзе ён нагадаў, "Дзень 11 траўня 2008 году ёсьць не падвойнае сьвята, а трайное, ад гэтага дня – пачатак новага адраджэньня БАПЦ у эміграцыі".

 

Добрыя віньшавальныя словы і парады выказалі япіскап Паісій ды япіскап Макаріос, абяцалі дапамагаць калі гэта спатрэбіцца, а таксама віньшавала ўладыку Сьвятаслава рэдактар газэты "Украінська Церква" – Катэрына Нэміра.

 

Цяпер мы будзем вітаць нашага япіскапа Сьвятаслава словамі, "Іс полла эти Дэспота!" - (гэта азначае "Дай Божа шмат год!") Будзем маліцца за яго і прасіць Божага дабраслаўленьня. Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

 

Сьвяткаваньне працягвалася, і ў гонар Маці выказала віньшавальныя словы спадарыня Ліна Сагановіч. Яна разам зь сёстрамі нашай парахвіі прасьпявала песьню "А мне сарочку мама вышывала". У памяць пра тых Маці, якія адыйшлі ў іньшы сьвет, таксама прагучала "Пісьня про матір". Пасьля ўсіх урачыстасьцяў, дзеці, сябры і парахвіяне віньшавалі спадара Міколу зь 65-годзьдзем, жадалі яму добрага здароўя, сіл і энэргіі на адраджэньне нашае сьвятыні. Госпадзі, дабраславі яго!

 

 

 

Ягоная Міласьць Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі СЬВЯТАСЛАЎ, Адміністратар БАПЦ

 

У міру — Вячаслаў Вячаслававіч Логін, нарадзіўся 26 лістапада 1964 года ў г. Чарнігаў (Украіна) у сям'і інжанераў Вячаслава і Людмілы (Сіз).

 

(Род паходзіць з Наваградчыны, дзед Андрэй Логін і ягоны брат Язэп (растраляны ў 1930-я г.г.) былі беларускімі фалькларыстамі (гл. - Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі, т.3, б.291). Дзед па лініі маці - Даніла Сіз у 1930-я г.г. скончыў Гомельскі Чыгуначны Тэхнікум.)

 

У 1986 г. Скончыў Кіеўскі Палітэхнічны Інстытут, працаваў інжанерам.

 

У 1994-1999 г.г. навучаўся ў Кіеўскай Духоўнай Сэмінарыі, пасьля сканчэньня яе, у 1999-2000 г.г. навучаўся на Тэалягічным факультэце Манітобскага Універсытэту (Праваслаўны Калегіум Сьв. Ап. Андрэя ў Вініпэгу, Канада).

 

27 жнівеня 2000 г. рукапакладзены ў сан дыякана, а 17 снежня 2000 г. - у сьвятара ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага ў г. Таронта (правінцыя Антарыё, Канада) і прызначаны на гэтую ж Парафію.

У 2002-2007 г.г. служыў настаяцелем Парафіі Сьв. Жыровіцкае Іконы Божае Маці БАПЦ у г. Гайлянд Парк (штат Нью Джэрзі, ЗША).

 

У 2005-2006 г.г. быў в/а настаяцеля Катэдры Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у г. Нью Ёрк (ЗША).

З 2007 г. - настаяцель Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У кастрычніку 2006 г. Царкоўнаю Радаю БАПЦ аднагалосна абраны кандыдатам у япіскапы.

 

У лютым 2008 г. прымае манашы пострыг з імям Сьвятаслаў у манастыры Сьв. Чатырох Евангелістаў (УАПЦ у ЗША) у г. Гьюстан (штат Тэхас, ЗША) 24 лютага 2008 г. у Катэдры Сьв. Ап. Андрэя Першазванага ў г. Дэтройт (штат Мічыган, ЗША) архіяпіскапам Аляксандрам (УАПЦ у ЗША) узьведзены ў сан ігумена і архімандрыта.

 

11 травеня 2008 г. ярархамі Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы у ЗША (радавод хіратоній якое ідзе ад УАПЦ у часе 2-е сусьветнае вайны) - арх. Аляксандрам і яп. Макаріосом, з удзелам яп. Паісія (УПЦ Кіеўскі Патрыярхат) хіратанізаваны на япіскапа Наваградзкага і Паўночна-Амерыканскага БАПЦ за Боскаю Літургіей на парафіяльнае сьвята у Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью Ёрку (ЗША), і Царкоўнаю Радаю БАПЦ абраны Адміністратарам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

 

 

www.belaoc.org

 

 

 

 

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг

За Беларускую Мову!