|
27 ліпеня праз 18 гадоў пасьля абвяшчэньня Дэклярацыі аб Дзяржаўным Суверэнітэце галоўныя ініцыятары ды "рухавікі" прадвіжэньня адпаведнага заканадаўчага акту Зянон Пазьняк ды Сяргей Навумчык, якія стаялі тады на чале незалежніцкага руху Беларусі, сустрэліся са сваімі суайчыньнікамі.
Але сустрэча гэта адбывалася не ў Чырвоным касьцёле на цэнтральнай плошчы Менску, якая магла б быць названа ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі, ды не на плошчы Кастуся Каліноўскага, і нават не ў Полацкай Сьвятой Сафіі, а ў царкве Святога Кірылы Тураўскага, што стаіць на ню-ёркскім “рускім” востраве Бруклін...
...Такія вось закавыкі найноўшай гісторыі Беларусі.
Спадары Сяргей ды Зянон распавялі для прыйшоўшых на сустрэчу 50-ці беларусаў пра тое, як у 1990-м годзе яны са сваімі “шабелькамі” ішлі ў “бойку” на “танкі” амаль у 10 разоў большай па колькасьці камуністычна-наменклятурную сьцяны сваіх падкаваных савецкай ідэалягічнай машынай апанэнтаў.
...Па колькасьці апанэнтаў было ў разы больш, але тое, што завецца палітычным інтэлектам – тое чым валодалі амаль ці не дасканала дэпутаты ад фракцыі Беларускага Народнага фронту - дазволіла ўсім беларусам менавіта 27-га ліпеня 1990-га году адчуць подых незалежнасьці.
...Той Незалежнасьці, што была страчана Беларусьсю напрыканцы году 1918-га, калі нямецка-польска-расейскія “разборкі” перашкодзілі закончыць станаўленьне новай маладой беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай рэспублікі.
...Што было б калі не было тады “пазьнякоўцаў” у Вярхоўным Савеце БССР?
...Што было б калі не назьбіралася тады галасоў (адзін у адзін) для таго, каб абвесьціць Дэклярацыю аб Суверэнітэце?
...Што было калі б не падыйшоў тады, перад самым галасаваньнем Зянон Пазьняк да закасьцянелага “савецкага камунякі”, чый голас, магчыма, і стаў у выніку вырашальным?
...Колькі б было беларусаў на сустрэчы, зладжанай праз 18 гадоў абвяшчэньня Суверэнітэту, і на якой бы прысутнічалі і Генадзь Карпенка, і Васіль Быкаў, і Зьміцер Завадскі – тыя людзі, што былі папросту згублены Беларусьсю і загублены “нечалавечым рэжымам”? Колькі? Хто адкажа? Колькі, калі б “усё склалася па-іншаму ў годзе 1994-м”?
...А колькі б яны яшчэ маглі б зрабіць для ўсіх нас?
...Шмат што магло б пайсьці ў іншым накірунку, калі б...
...Шмат беларусаў, калі б спрацавала тое ж “калі б...”, магчыма, не знаходзіліся б сёньня за мяжою ў пошуках лепшай долі.
...Шмат суайчыньнікаў бы не жыло ў адчуваньні безвыходнасьці і непрадказальнай ды невядомай будучыні.
...Не было б такой велізарнай колькасьці беларусаў, якія ці не адзіным магчымым выйсьцем для таго, каб наладзіць жыцьцё, бачаць ад’езд з партызанскай (ня толькі ў ваенным сэнсе) краіны лясоў ды тысячаў азёраў.
...Што было калі б ...?
Ці не кожны беларус задаваў сабе такое пытаньне тысячы разоў, аналізуючы гістарычныя падзеі розных часоў. Ды што з гэтага – нічога ня зьменіш, гісторыю не павернеш...
Сумнае сьвята Незалежнасьці маюць сёньня беларусы...
Але мы павінны сказаць шчырае дзякуй усім тым, хто тады ў 90-м домогся беларускай Незалежнасьці; тым, хто змагаўся за яе ў гады 1918-м; тым, хто змагаўся за яе пазьней у часы краіны Саветаў ды змагаецца за Незалежнасьць Беларусі сёньня; тым, хто стаяў у шэрагах патрыётаў у 1863-1864-м; тым, хто змагаўся словам ды шабляй за Беларусь сярэднявечча – Вялікае Княства Літоўскае ды Рэч Паспалітую; тым, хто быў першымі ваяводамі на беларускіх землях – князям Полаччыны, Тураўшчыны ды Наваградчыны.
Дзякуй Вам, лепшыя Сыны Беларусі! Мы павінны паабяцаць усім Вам, што не згубім гэты найвялікшы скарб нашага народу – Незалежнасьць Беларусі!
Гэтае, здавалася б, складанае ў сучасных абставінах пытаньне можна вырашыць вельмімі простымі дзеяньнямі.
Спытаеце, як?
Проста кажыце самому сабе ды людзям зь якімі знаходзіцеся побач:
“Я Люблю Беларусь!” ды “Я ганаруся тым, што я – Беларус!”
Са Сьвятам Незалежнасьці, Суайчыньнікі Сьвету!
Жыве Беларусь!
З найлепшымі пажаданьнямі,
Цішка Дзенісюк,
Беларускаі Моладзевы Рух Амерыкі http://belmov.org/   


 

|