|
Пэрсанальная выстава Аляксея Марачкіна: "Мары" |
|
|
Thursday, 05 February 2009 |
У нядзелю 15 лютага У Ню-Ёрку ў Беларускім музэі (адрэса: 401 Atlantic Ave., Brooklyn, N.Y.) адбудзецца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Аляксея Марачкіна і сустрэча з самім мастаком. Пачатак а 12.30.
Аляксей Марачкін (Алесь Мара) — вольны мастак. Старшыня згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Нарадзіўся 30 сакавіка 1940 г. у вёсцы Папоўшчына (Новая Слабада) на Магілёўшчыне. Жыве у Менску.
Скончыў Язёрскую дзесяцігодку (1958), Віцебскі пэдагагічны інстытут — мастацка-графічнае аддзяленьне (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут — аддзяленьне жывапісу (1972). Працаваў школьным настаўнікам маляваньня і крэсьленьня ў вёсцы Рубель Столінскага раёна, горадзе Жодзіна, Менску. Выкладаў у БДТМІ, быў загадчыкам катэдры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтва. Дацэнт.
Сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1977 г. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Геаграфія выстаўнай дзейнасці: Беларусь, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Фінляндыя, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Расія. Працуе ў розных жанрах жывапісу, графіцы. Для творчасьці характэрныя асацыятыўна-алегарычнае мысьленьне, асэнсаваньне беларускай гісторыі і традыцыі. Стварыў сэрыі жывапісных партрэтаў дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі, "Маляваныя дываны", нізкі "Легенды і паданьні Беларусі", творы сацыяльна-палітычнага гучаньня, натурморты, пэйзажы. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, у Дырэкцыі выставаў Міністэрства культуры, музэях Віцебска, Магілёва, Горадні, Чэрыкава, у прыватных калекцыях у Беларусі і на замежжы.
Адзін з арганізатараў і першы кіраўнік творчай суполкі "Пагоня" Беларускага саюзу мастакоў, якая ў 2001 г. ганаравала яго срэбным мэдалём "Адраджэньне Беларусі". Мае таксама дзяржаўны мэдаль Францыска Скарыны (1992) — за высокія дасягненьні ў галіне нацыянальнага адраджэньня і прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа. Запрашаем усіх на выставу.
Для тых, хто жадае фінансава дапамагчы ў арганізацыі выставы, кантактуйце па тэлефоне: 646 234 9240 ці дасылайце чэкі на адрэсу: Belarusan Museum 401 Atlantic ave, Brooklyn
Сайт "Беларускі Музэй у Ню-Ёрку" http://belmuseum.org/ |