|
У Беларусі, Летуве і ЗША па-свойму сустракалі Дзень Беларускай Салідарнасьці. Падзеі дня разгортваліся на трох сцэнах сучаснасьці: Менскай, Віленскай і Вашынгтонскай.

16 верасьня ў Вашынгтоне Беларускі "Свабодны Тэатр" паказваў сваю п'есу "Спасьцігаючы Любоў", прысьвечаную гісторыі жыцьця Беларускай сям'і Красоўскіх. Выступленьне ў сталіцы ЗША адбылося ў адмысловы для сям'і і ўсёй Беларусі дзень - роўна 10 год назад 16 верасьня 1999 году Беларускі бізнэсмэн Анатоль Красоўскі разам са сваім сябрам палітыкам Віктарам Ганчаром былі забіты. 16 верасьня году 2009-га, ушаноўваючы памяць Ганчара і Красоўскага ды яшчэ двух забітых Беларусаў - журналіста Дзьмітрыя Завадскага і палітыка Юрыя Захаранкі - менчукі выйшлі на цэнтральную плошчу горада з іх партрэтамі. За ўдзел у акцыі Памяці іх зьбівалі і катавалі: супрацоўнікі органаў у форме і невядомыя асобы ў штацкім нахабна разагналі жалобную акцыю, затрымаўшы каля 35-ці чалавек, ды працягнуўлі зьбіваць затрыманых ужо ў міліцэйскім пастарунку. 16 верасьня па-свойму рэабілітавала лукашэнку адна з краін Эўразьвязу - наша паўночная суседка. Цяперашняму кіраўніку Беларусі, узурпаваўшаму ўладу ў краіне, Летува ў асобе прэзыдэнта гэтай краіны Далі Грыбаўскайтэ паціснула руку і прыняла яго ў сваіх прэзыдэнцкіх пакоях. За размовамі аб эканоміцы пытаньні зьнікненьня на Беларусі апанэнтаў улады ды разьвіцьця дэмакратыі так і не паўсталі: транзыт беларускіх тавараў праз тэрыторыю Летувы зараз для палітыкаў - у часы сусьветнага эканамічнага крызісу - куды больш істотная справа, чым абарона чалавечай годнасьці і сумленьня... Вядома, што лукашэнка сваё сумленьне ўжо даўно згубіў. Калі меў наогул... Не думае ён і пра годнасьць Беларусаў. Галоўная яго мэта вядома: трымаць уладу ў сваіх руках любымі мэтадамі і спосабамі. Нават тымі, якія з чалавечымі нічога агульнага ня маюць. Дэмакратыя для яго можа прысутнічаць толькі ў словах - ніяк не дзеяньнях. Аднак што ж Летува?.. Пасьля такіх сустрэч пачынаеш задавацца пытаньнем, а ці не лукашэнка больш уплывае на саміх эўрапэйцаў, чым яны на яго. Глядзіш - і такімі тэмпамі дыктатар праз некалькі гадоў стане прызнаным Эўропай барацьбітом за свабоды ды будзе чытаць свае лекцыі аб Правах Чалавека дзе-небудзь у Брусэлі. Выразна прадэманстраванае жаданьне прэзыдэнта Летувы вырашыць свае эканамічныя праблемы нават ідучы па чалавечых лёсах, у абдымку з апошнім дыктатарам Эўропы, такую пэрспектыву робіць даволі рэальнай. Не зважаючы на просьбы жонак ды матуляў забітых уладамі Беларусі людзей не сустракацца ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ з лукашэнкай, яна працягнула руку не Беларускаму грамадзтву, а антыбеларускай уладзе. Прабіваючыся ў Эўропу і атрымліваючы з яе маўклівага дазволу карт-бланш на працяг сваёй дзейнасьці - гвалтоўнай і антыбеларускай, лукашэнка, добра абазнаны ў справах палітычных інтрыг, наглядаў апошнія месяцы за рэакцыяй старушэнцыі Эўропы, займаўшыся тым што ён умее добра - цягнуць грошы ад тых, каго ён называе сваімі "сябрамі". А гвалт, учынены халуйскімі афіцэрамі лукашэнкі ў дзень памяці 16 верасьня, - гэта проста чарговы яго крок па азнаямленьні з пазыцыяй Эўропы ў Беларускім пытаньні. Ну, і рэфлексійна выпрацаваны ўжо ўдар па Беларускім сумленьні. Праўда, на гэты раз - у той дзень, калі ўпершыню за дзесяцігодзьдзе лукашэнка выбраўся з афіцыйным візытам у краіну Эўразьвязу - халопскія слугачы рэжыму пайшлі далей за просты разгон акцый памяці і пратэсту , які можна сказаць стаў для іх будзённым дзеяньнем у апошнія гады. Каб засланіць вочы старушэнцыі Эўропе і Беларусам, спецслужбамі краіны была прыменена новая тактыка - узьдзеяньне і на здымаючых журналістаў. Перашкоды відэаапэратарам і фотажурналістам (трэба паведаміць, улічваючы Беларускую спэцыфіку, што журналісты мелі афіцыйны дазвол пра працу на тэрыторыі краіны) здымаць падзеі на плошчы, якія рабіліся з боку невядомых людзей у штацкім і незьвяртаньне на гэта ўвагі супрацоўнікаў "праваахоўчых" органаў у форме - гэта новая спроба "размовы" аб свабодзе слова ды іншых свабодах. Ну, і, відаць, новы крок у накірунку абвешчанай уладамі "лібэралізацыі" краіны. Менавіта такой "лібэралізацыю" уяўляе сабе афіцыйны Мінск: замест таго, каб бараніць жыхароў Беларусі ад беззаконьня, ён апантана і па-дзікунску ставяць сябе вышэй закону... Ды і ці зважае ён на законы наогул? Калі перапісаць у чарговы раз Канстытуцыю - як два пальца аб асфальт. ...Як у Вашынгтоне пасьля публікацыі у "The Washington Post" і выступу з фурорам у першы п'есавы дзень ў Вашынгтоне з-за шматлікіх зваротаў ад гледачоў пастанову "Свабоднага Тэатру" "Спасьцігаючы Любоў" 16-га верасьня перанесьлі ў здольную прыняць куды больш гледачоў залю сталіцы Штатаў, гэтак і пастановы Лукашэнкі ды яго лялечнай трупы ў складзе байцоў без твараў маюць усё большы посьпех у Эўропе. Яна бюракратка-эканамістка, як бачым, пагаджаецца гуляць зараз і па правілах дыктатара. Прычым не прапануючы такіх сваіх, якія здольны паўплываць на зьмену сытуацыі на Беларусі...  Але галоўнае сёньня тое, што мы памятаем.  Трэба памятаць і пра тое, што Праская Вясна мела ў свой час падтрымку толькі з васьмі чалавек, рызыкнуўшых выйсьці на плошчу з пратэстам уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію. Дзякуй ВАМ, Беларусы, якія былі сёньня на Плошчы, за то, што ВЫ ёсьць! Дзякуючы менавіта ВАМ мы ведаем, што такое Беларуская Прага Свабоды. |