website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Са сваёй званіцы Адправіць на e-mail
Friday, 18 September 2009
Чытаючы высновы нашых гісторыкаў, аналітыкаў ці палітыкаў наконт 17 верасьня 1939 году, бачыш, што ўсе яны падзяляюцца на левых і правых, усходнікаў і заходнікаў, русафілаў і эўралюбаў, і на гэтых і на тых, абы не на сваіх...

Віталь Воранаў, "ARCHE-Пачатак"

Калі гаворка вядзецца пра гэтую дату, я перш за ўсё ўзгадваю словы сваёй бабулі, якая жыла на акупаваных палякамі землях: „Ну а тады ж ужо прыйшлі беларусы”. Гэты сказ, як ні дзіўна, адносіўся да падзеяў 1939 года, і быў бадай адзінай згадкай беларусаў у бабуліных аповедах наогул. І хаця падзеі таго году цяжка параўнаць з падзеньнем Бэрлінскага муру, але ж нельга таксама аспрэчваць важнасьць гістарычнага факту – узьяднаньне падзеленага на амаль дваццаць гадоў народу. Нельга таксама дзівіцца некаторым беларускім заходнікам, якія ў прыходзе савецкіх войскаў бачылі вызваленьне і пакладалі на яго свае надзеі на свабоду. Гэта трохі пазьней яны зьведаюць паўнату чырвонага тэрору: калгасны бізун, рэпрэсіі, якія дагэтуль ім несьлі, толькі ў трохі іншай форме, палякі. Аднак абсурдам было б параўноўваць сёньня ахвяры, якія былі панесеныя ў міжваенны пэрыяд з польскіх і з рускіх рук. Гэта сябры бываюць лепшыя ці горшыя, а вораг заўсёды бывае толькі благі. У старасьці бабуля ўсё яшчэ сьцішаным голасам узгадвала польскі час, калі зь вёскі, за праявы беларускасьці, зьнікаў то той, то іншы. Сёньня, калі ўжо без ваганьня можна асудзіць савецкую акупацыю, прымусовую калектывізацыю, ссылкі, гвалт і масавае вынішчэньне беларусаў ва ўсходняй Беларусі, ня варта замоўчваць ці забывацца і пра польскі ўціск, зладжаны беларусам на іх уласнай зямлі.

Відавочная розьніца ў нашых падыходах і ацэнках вынікае зь сёньняшняй геапалітычнай сытуацыі. Калі шмат хто з нас у сучаснай Расеі бачыць пераемніцу савецкай спадчыны, ворага і акупанта, які не паддаецца рэфармаваньню, то Польшча хутчэй асацыюецца са спагадлівай суседкаю, якая хоча падзяліцца з намі досьведам сваёй салідарнасьці. Натуральна, нельга аспрэчыць той факт, што Польшча як бадай ніводная іншая дзяржава актыўна ангажуецца ў дапамогу беларускаму дэмакратычнаму грамадзтву, аднак ці мусіць нашая ацэнка тых падзеяў залежаць ад цяперашняга стану нашых адносінаў? Ці павінна сучаснасьць уплываць на разуменьне гісторыі? Ці ўсё ж варта паспрабаваць даць тым падзеям, ну калі не аб’ектыўную (уласна я ў аб’ектыўнасьць гісторыі ня веру), то тады, будзем казаць, беларусацэнтрычную ацэнку?

У польскім фільме „Верасень 1939”, паказаным на канале Дыскавэры, аніводнага разу ня згадваюцца Беларусь і беларускі народ. Насоўваецца натуральнае пытаньне: як можна зьняць фільм пра гэтую дату і ніводнага разу не згадаць саміх беларусаў? А ўсё вельмі проста. Не зважаючы на тое, што ўсяго мізэрны адсотак палякаў мроіць вярнуцца на „ўсходнія крэсы”, польская гістарыяграфія нязьменна застаецца польскацэнтрычнай. Падзеі таго часу ў ёй апісваюцца выключна са сваіх, а не з чужых, пазыцыяў, сваімі ўласнымі, а не „запазычанымі” словамі. Як па мне, пакуль што, да часу, гэтае іхнае бачаньне не насаджваецца нам ні ўпотай, ні сілай, празьмерна насьцярожвацца патрэбы няма. Гэта ужо нам самім трэба памятаць, што „Рыская Дамова” гэта не „Рыская Дамова”, а Рыскі Падзел, а „Нарушэне граніц Польскі в 1939 годзе” гэта ліквідацыя сьцяны, якая на два дзесяцігодзьдзі раскроіла, надоўга паслабіўшы, беларускі народ. Вядома, што разам з узьяднаньнем ішла савецкая акупацыя, але ж у 1939 годзе ў беларусаў стала на аднаго ворага меней. Калі гэты год прынёс канец існаваньня польскай дзяржаўнасьці, то канец беларускай дзяржаўнасьці прыйшоў у 1921-ым. І калі 1939 год стаў для палякаў пачаткам вайны, то для беларусаў гэтая вайна ніколі не заканчвалася... Нашая першая сусьветная працягвалася ў 1921, у 1936, у 1937 і плаўна перайшла ў нашу другую сусьветную... Другая Рэч Паспалітая (ня сёньняшняя Польшча) і СССР (а не сёньняшняя Расея) спрычыніліся да гэтага ў аднолькавай ступені.

Дык хай ад сёньняшніх сяброў залежыць, наколькі яны хочуць быць пераемнікамі колішніх ворагаў, і хай менавіта гэта будзе вызначальнікам якасьці нашага зь імі сяброўства. У Польшчы і ў Расеі ацэнка тых падзеяў адназначная, аднак беларусаў яна ўсё яшчэ разьядноўвае. Падзел усё яшчэ ў нас, спадарства, але гэтую сьцяну можам зьнесьці выключна мы самі. Сьвяткаваньне ці жалобу адкладзем на пазьней...

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг

За Беларускую Мову!