|
Запрашаем беларусаў Нью Ёрку і навакольля на сустрэчу з Паўлам Марозавым |
|
|
Monday, 19 October 2009 |
25-га кастрычніка ў нядзелю пасьля адкрыцьця выставы Рыгора Батальёнка, якая распачнецца ўдзень а палове на першую (12.30 а.м.), у грамадзкай залі беларускай царквы ў Брукліне* адбудзецца сустрэча з грамадзкім дзеячам Паўлам Марозавым.
Павел у 2004 годзе заснаваў супольнасць «Трэці Шлях» . Ён з'яўляецца аўтарам канцэпцыі «Пакаленьне Адраджэньня». Стварыў сатырычныя анімацыі «Мультклуб» - аб беларускай рэчаіснасьці, дзе фігуравалі персанажы, падобныя да Аляксандра Лукашэнку і яго набліжаных, што паслужыла падставай да перасьледу яго ўладамі. У 2005 годзе быў абвінавачаны па артыкуле 367 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Паклёп у дачыненьні да Прэзідэнта Беларусі». Артыкул прадугледжвае турэмнае зьняволеньне ад 2 да 4 гадоў. Дзякуючы ўмяшаньню міжнароднай грамадзкасьці і прэсы пазбегнуў арышту. У 2006 годзе ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у складзе каманды Аляксандра Казуліна . З 2006 года знаходзіцца ў эміграцыі ў Эстоніі пасьля спробы яго арышту ў Менску. У 2006 годзе заснаваў і ўзначаліў грамадзкую арганізацыю «Новы Шлях для Беларусі», якая займаецца праектамі з удзелам новага пакаленьня беларускай дыяспары Эўропы і ЗША , а таксама актывістаў з Беларусі і падтрымкай беларускай культуры. У 2008 выступіў ініцыятарам стварэньня Кангрэса новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША. З 2008 чалец Рады БНР (Урада БНР у выгнанні). Займаецца культурнымі, інфармацыйнымі і моладзевымі праектамі, аб'яднаннем новага пакаленьня беларусаў дыяспары і актыўных грамадзянскіх актывістаў у Беларусі. Разам з калегамі стварыў канцэпцыю шырокага Беларускага міжнароднага руху. У 2009 на Жэнеўскім Саміце разам з калегамі-дысідэнтамі з Ірана, Бірмы, Венесуэлы, Кубы, Зімбабвэ, Егіпта заснаваў сетку ўзаемадзеяння і кааперацыі паміж дысідэнтамі ў гэтых краінах. Павел Марозаў - аўтар канцэпцый і рэалізатар больш за 50-ці розных праектаў у галіне грамадзкага актывізму, інфармацыі і культуры. Выступае з лекцыямі на тэму сітуацыі ў Беларусі — Дактаральны каледж Эўропы (Страсбург), Эўракаледж Тартускага універсітэта (Тарту), Нямецкі фонд Маршала (Вашынгтон), фонд Херытадж (Вашынгтон), Карнэгі цэнтр (Масква), Жэнеўскі кангрэс цэнтр (Жэнева) і інш. Выпускнік праграмы «Інстытут Лідэрства» ПАКТ (ЗША), Флэтчэр Скул (ЗША), праграмы нямецкага ўрада па падрыхтоўцы кансультантаў для некамерцыйнага сектара Беларусі, Амстэрдамска-Маастрыхскага летняга універсітэта. Шчыра запрашаем усіх беларусаў, якія ня абыякавы да будучыні нашай Радзімы, прыняць удзел у сустрэчы. Вы будзеце мець магчымасьць пазнаёміцца з Паўлам, прыняць удзел у дыскусіі, задаць пытаньні, якія вас цікавяць.
Будзем рады бачыць вас сярод нас! * - адрэса Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне – 401 Atlantic Avenue, Brooklyn, NY, 11217 |