Запрашаем усіх беларусаў, якія пражываюць паблізу Нью-Ёрку, прыняць удзел у адзначэньні нашага нацыянальнага сьвята Дня Волі - 92-х угодкаў абвяшчэньня незалежнай Беларусі.
У суботу 27-га сакавіка а першай гадзіне (1 p.m.) дня ў Нью-Ёрку насупраць штаб-кватэры ААН пройдзе сьвяточны мітынг, прысьвечаная Дню Незалежнасьці Беларусі.
Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі - галоўнае нацыянальнае сьвята нашай краіны.
Гэты дзень - найлепшая нагода для беларусаў нью-ёркскага навакольля уганараваць разам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі памяць нашых знакамітых продкаў - паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага, братоў Луцкевічаў, слуцкіх ваяроў ды палегшых у Курапатах людзей і мільёнаў іншых беларусаў, дзякуючы якім мы зараз маем сваю незалежную краіну.
Правесьці гэты дзень поплеч адзін з адным пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі колерамі - гэта яшчэ і своеасаблівая маральная падтрымка тых беларусаў, якія працягваюць сёньня ісьці па пракладзеным нашымі славутамі продкамі на працягу насычанай тысячагадовай гісторыі Беларусі шляху. Шляху да дэмакратычнай Беларусі, у якой будуць паважаць чалавека, ганарыцца беларускай спадчынай і будуць думаць пра лёс нашай роднай краіны і будучыню ды дабрабыт усіх беларусаў.
Мітынг у Дзень Волі ў Нью-Ёрку - гэта яшчэ і добрая магчымасьць сустрэцца з землякамі, сябрамі ды знаёмымі, знайсьці новыя кантакты ды паразмаўляць пра тое, што турбуе, пра свае посьпехі ды дасягненьні, пра мінулае краіны, цяперашняе яе становішча ды лёс нашай Бацькаўшчыны.
Калі ласка распаўсюджвайце інфармацыю пра акцыю, што адбудзецца ў Нью-Ёрку ў суботу 27-га сакавіка сярод сяброў, знаёмых ды ўсіх тых, хто думае пра лёс нашай Бацькаўшчыны!
Беларусь - гэта тое, што нас аб'ядноўвае. Будзем разам у гэты дзень, дзе б мы не знаходзіліся!