|
27-га сакавіка ў Нью-Ёрку беларусы з розных куткоў краіны сабраліся, каб адсьвяткаваць найвялікшае нацыянальнае сьвята - Дзень Незалежнасьці Беларусі - Дзень Волі.
"Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі" Бадай упершыню прадстаўніцтва прысутных на сьвяточным мітынгу было настолькі шырокім. Сярод каля паўсотні беларусаў былі людзі не толькі з Нью-Ёрку ды блізкіх да "Вялікага Яблыка" гарадкоў штата Нью-Джэрсі. Прыехалі на акцыю маладзёны з Пэнсільваніі - Філядэльфіі ды далёкага Піцбургу (не меньш за 600 кілямэтраў дарогі), з паўдзеннага Нью-Джэрсі, з Масачусэтсу. А адзін чалавек - Яўген - прыехаў на сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці з далёкай Флорыды: ад яго Маямі да штаб-кватэры ААН, дзе адбывалася акцыя - каля двух тысяч кіламэтраў.
Вядома, што адразу за віншаваньнямі з Днём Волі, сябры Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі, якія выступалі арганізатарамі сьвяточнага мітынгу, выказалі шчырую падзяку людзям, якія сустрэліся ў гэты сьвяты для кожнага беларуса дзень са сваімі землякамі ў Нью-Ёрку пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
"Спадзяюся, у адзін з дзён праз некалькі гадоў Дзень Волі будзе для кожнага з нас успрымацца не як дзень, калі перасьледуюць нашых сяброў ды блізкіх, а можа і зусім невядомых людзей за выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі ды за іх ды нашу любоў да роднай краіны. Спадзяюся, што праз некаторы час, у тым ліку і нашымі высілкамі, беларусы будуць адзначаць гэта сьвята ў сямейным коле, сярод сяброў, не абавязкова выходзячы на вуліцу ды выкрыкваючы лёзунгі, а проста ведаючы ШТО ТАКОЕ Дзень Волі для Беларусі і ЧЫМ ЁН ёсьць для кожнага з тых, хто называе сябе беларусам", - сказаў адзін з каардынатараў Руху Дзяніс Талпека. 
"Дзень Волі для ўсіх нас - не проста памятная дата ды не проста даніна павагі нашым гераічным продкам, дзякуючы каму была абвешчана ў 1918-м годзе Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта - і сьвята надзеі. Напрыклад, на тое, што ў адзін дзень Беларусь стане краінай, адкуль не будуць жадаць зьбегчы пры першай мачымасьці маладыя людзі, а куды будуць вяртацца беларусы. Каб заводзіць сем'і, нараджаць дзяцей, адкрываць свае бізнэсы, жыць у спакоі ды дабрыбыце. І быць упэўненым пры гэтым у сваёй будучыні".
Каардынатары Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі, які быў створаны ў 2006-м годзе - менавіта 25-га сакавіка - пад натхненьнем падзей чатырохгадовай даўніны, калі беларуская моладзь, рызыкуючы шмат чым у жыцьці, на Плошчы рашуча ўголас агучыла свае жаданьне аб лепшым жыцьці для ўсіх беларусаў ды сваёй роднай краіны, заклікалі прысутных прыняць заяву ў падтрымку беларускіх журналістаў, якія працуюць пад жорсткім ціскам з боку ўладаў. Адзінагалосна заява была прынятая.
Нацыянальныя - будучыя дзяржаўныя - бел-чырвона-белыя сьцягі, лунаючы на сонцы, прыцягвалі ўвагу мінакоў, якія падыходзілі з пытаньнямі ды з вялікім жаданьнем фатаграфаваліся з беларусамі, ды вадзіцеляў, якія клаксонамі падтрымлівалі сабраўшыхся беларусаў ды сыгналілі ў знак падтрымкі дэмакратычным зьменам у Беларусі.
Што стала ўжо традыцыйным, скончылі беларусы мітынг сьпевам беларускіх гімнаў "Магутны Божа", "Пагоня" ды "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". І нават у гэтай справе быў знойдзены новы талент ;)
Было прыемна бачыць, як моладзь, якая складала пераважную большасьць усіх прысутных на мітынгу, знаходзячы знаёмых па інтарэсах, завязвала новыя кантакты ды сьмеючыся у добрым настроі разыходзілася ў гэты марозны, але сонечны сьвяточны нью-ёркскі дзень. З надзеяй у лепшую Беларусь.
 Беларусы сьпяваюць гімн сваёй краіны. Са сьвятам, Беларусы! --- Чытайце на нашым сайце таксама: | | | | Значэньне БНР: усяму пачатак Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) – адна з найгалоўнейшых падзей у гісторыі Беларусі. Значэньне БНР для развіцьця беларускай дзяржаўнасьці пасьля 1918-га году складана перацаніць. |
|
Віншаваньне з Днем Волі ад амэрыканскага кангрэсмэна Беларусаў Злучаных Штатаў Амэрыкі з Днём Волі павіншаваў кангрэсмэн Фрэнк Палонэ. 
Дзень Волі ў Нью-Ёрку. З надзеяй у лепшую Беларусь. |