|
Сёння наўрад цi кагосьцi можна здзiвiць шматлiкiмi фактам парушэньняў правоў чалавека беларускай дзяржавай. Паводле меркаваньняў шматлiкiх праваабаронцаў, сёння судзiцца з дзяржаўнымi службоўцамi ў беларускiм судзе – усё роўна што прывучваць воўка да вегетарыянства. Больш за тое, беларусы практычна пазбаўлены магчымасьцi абараняць свае правы ў мiжнародных судах, напрыклад, у Эўрапейскiм судзе па правах чалавека. Беларускiя апазыцыйныя палiтыкi часцяком гавораць пра нейкую кару, якая, нiбыта, чакае ўсiх парушальнiкаў правоў чалавека на Беларусi. Цiкава тое, што такiя выказы не пазбаўлены юрыдчнага сэнсу.
Сёння iснуе невялiкая, але ж надта пэўная магчымасьць, скарыстаўшыся якой, грамадзяне Беларусi могуць прыцягваць да грамадзянскай адказнасьцi беларускiх службоўцаў – парушальнiкаў асноўных правоў i свабодаў чалавека, а таксама, - буйныя расейскiя кампанii, якiя вiдавочна падтрымлiваюць сучасны беларускi рэжым. Здаецца, што гэта неверагодна, але ж факт: у некаторых выпадках грамадзяне Беларусi могуць падаваць грамадзянскiя icкi да Лукашэнкi i «Газпрому» .... у амерыканскi суд!
Амерыканскi суд – навала для дзяржаўных катаў
Юрыдычны механiзм, якi дае права беларусам, як i грамадзянам iншых краiнаў, права звяртацца ў федэральныя суды ЗША, быў створаны ў далёкiм 1789 годзе. Менавiта тады амерыканскi Кангрэс прыняў закон «Аб грамадзянскай адказнасьцi за шкоду iншаземцам», Alien Tort Statute, якi потым атрымаў шэраг iншых назваў (афiц. № 28 U.S.C. 1350; далей тут – «закон ATS»). Сутнасць закона ў тым, што ён надае федэральным судам ЗША падведамственасць у грамадзянскiх справах па iсках iншаземцаў аб прычыненнi шкоды ў iх дзяржавах з прычыны грубых парушэньняў некаторых нормаў мiжнароднага права, у прватнасьцi – асноўных правоў чалавека. Закон практычна не працаваў да 1980 года, калi Вярхоўны Суд ЗША даў закону другое нараджэнне i распачаў эпоху жорсткай барацьбы памiж супрацiўнiкамi закону (у асноўным, прадстаўнiкамi мiжнароднага бiзнесу) i ягонымi прыхiльнiкамi (праваабарончымi арганiзацыямi ўсяго сьвету). Цiкава, што заўзятым ворагам падобных iскаў з’яўляецца адмiнiстрацыя прэзiдзента Буша, якая слушна адзначае, што судзебная ўлада ЗША такiм чынам пагражае знешнепалiтычным стасункам краiны.
Аднак, у 2004 годзе Вярхоўны Суд ЗША зноў падцвердзiў канстытуцыйнасьць закону ATS i тое, што суды ЗША могуць у некаторых выпадках разглядаць справы аб грубых парушэньнях правоў чалавека во ўсiм сьвеце (гл. справу 2004 г. Sosa v. Alvarez-Machain, афiц. № 542 U.S. 692). Разам з тым, судзебная ўлада добра усьведамляе ўсю тонкасць дадзенай мiжнародна-прававой праблемы i з гэтай прычыны строга абмяжоўвае тыя выпадкi, калi icкi аб парушэньнях правоў чалавека замежнымi дзяржавамi могуць разглядацца ў судах ЗША. На дадзены момант не iснуе вычарпальнага спiса мiжнародна-прававых нормаў ў галiне правоў чалавека, парушэньне якiх можа прывесьцi да паспяховага iску замежнага грамадзянiна ў судовую ўстанову ЗША. У той жа час, судовая практыка апошнiх дзесяцiгоддзяў вызначыла наступныя мiжнародна-праваыя правапарушэньнi, якiя могуць прывесьцi да падобнага iску: генацыд, знiкненьнi людзей, катаваньнi, працяглае па-за судовае затрыманьне, па-за судовае забойства i шэраг iншых. Сярод найбольш вядомых грамадзянскiх адказчыкаў, якiя прайгралi ў cудах ЗША грамадзянам сваiх дзяржаваў, - былы крывавы лiдэр басьнiйскiх сербаў Р. Караджыч i былы дыктатар Фiлiпiн Фердiнанд Маркас.
Цiкава, што iскi ў амерыканскiм судзе – справа дасягальная для звычайнага беларуса, таму што ў ЗША iснуе шэраг некамерцыйных юрыдычных установаў, якiя гатовы дапамагчы icьцу ў перспектыўнай справе, а ў вынiку перамогi ў судзе – падзялiць грашовую кампенсацыю. Па гэтай спасылке можна знайсьцi спiс амерыканскiх i мiжнародных установаў, якiя здольны аказаць iнфармацыйную дапамогу па дадзенаму пытаньню: http://www.nosafehaven.org/getInvolved.html
Дарэчы, хто ж i калi можа быць адказчыкам у судах ЗША па разглядаемых справах аб парушэньнях правоў чалавека?
Не хадзiце, дзецi, у ЗША гуляць
Першая група асобаў, якiя могуць стаць адказчыкамi ў судах ЗША – гэта працаўнiкi беларускiх уладавых структураў усiх узроўняў, якiя патэнцыяльна датычны да грубых парушэньняў правоў чалавека на Беларусi, а таксама непасрэдныя выканаўцы гэтых парушэньняў. Бадай самай сур’ёзнай патэнцыяльнай праблемай для iсьцоў па справах супраць беларускiх службоўцаў-парушальнiкаў мiжнароднага права з’яўляецца пытаньне тэрытарыяльнай падсуднасьцi iска амерыканскаму суду. Паводле амерыканскiх законаў, мясцовы суд прыме справу да разгляданьня, калi фiзiчная асоба атрымае копiю iску непасрэдна на тэрыторыi ЗША Добрыя навiны для iсьца: адказчыку дастаткова фiзiчна з’явiцьца ў ЗША нававт на хвiлiну, альбо нават.... пралятаць у самалёце над тэрыторыяй ЗША (гл. справу 1959 г. Grace v. MacArthur, афiц. № - 170 F. Supp. 442). Галоўнае, каб прадстаўнiк iсьца пасьпеў падаць асабiста адказчыку копiю iску, а ў выпадку, калi апошнi адмаўляецца яё прыняць – вусна перадаць iнфармацыю аб надыходзячым судовым працэсе. Такiм чынам, напрыклад, былы лiдэр басьнiйскiх сербаў Караджыч, якога абвiнавачвалi ў этнiчных чыстках, атрымаў копiю icка калi ён часова спынiўся ў нью-ёркскiм гатэлi. Зрэшты, iснуюць дадатковыя правiлы тэрiтарыяльнай падсуднасьцi, у адпаведнасьцi з якiмi суд ЗША можа браць да разгляданьня iскi дадзенай катэгорыi.
Такiм чынам, некаторым беларускiм дзяржаўным службоўцам трэба добра падумаць цi варта iм наогул калi-небудзь ехаць ў ЗША. Натуральна, тым, чыё сумленьне чыстае, палохацца няма чаго: амерыканскi суд вядомы сваёй прынцыповасцю i непрадузятасцю, што адрознiвае яго ад судовых установаў шерагу iншых дзяржаваў.
Яшчэ адной «праблемай» для iсьца-беларуса з’яўляецца мiжнародна-прававы прынцып няўмяшання ва ўнутраныя справы, павдле якога дзяржаўныя службоўцы адной краiны ў пэўных выпадках маюць iмунiтэт ад iскаў ў судах другой краiны. I калi на былых службоўцаў гэты iмунiтэт у абмяркоўваемым катэксте не распаўсюджваецца, то з дзючымi службоўцамi ў iсьцоў могуць узнiкнуць праблемы. У ЗША дадзены прынцып уведзены ў нацыянальнае заканадаўства законам Foreign Sovereign Immunity Act. Аднак, у некаторых выпадках, дзеючы iншаземны службоўца можа быць пазбаўлены iмунiтэту ад iскаў ў амерыканскiм судзе, напрыклад, калi ён дзейнiчае па-за паўнамоцтваў, дадзеных яму нацыянальнай канстытуцыяй i законамi (гл. справу 2004 г. Jane Doe v. Lui Qi, афiц № - 349 F. Supp. 2d 1258). У якасьцi магчымага прыклада, давайце паспрабуем гiпатэтычны прымянiць дадзеную норму да адной сiтуацыi з беларускай сучаснасцi. Вядомы беларускi праваабаронца Г. Паганяла выказаў меркаванне, што калi А. Лукашенка балатаваўся на трэцi прэзiдэнцкi тэрмiн, ён парушыў закон «Аб прэзiдэнце Республiкi Беларусь», якi адпавядаў (нават) новай рэдакцыi Канстытуцыi, i паводле якога адна асоба не магла быць прэзiдэнтам Беларусi больш за два тэрмiны запар (гл. тэкст iнтэрв’ю на http://www.charter97.org/rus/news/2006/03/09/vlast). Паводле дадзенага меркавання, А. Лукашенка ўзяў на сабе паўнамоцтвы, якiя не былi дадзены яму беларускай дзяржавай. Здаецца, што амерыканскi суд па меньшай меры прыслухаўся б да такога аргументу, пры разгляданьнi пытаньня аб судзебным iмунiтэце Аляксандра Рыгоравiча. Натуральна, дададкова трэба будзе даказаць, што Лукашэнка груба парушыў нормы мiжнароднага права ў галiне правоў чалавека.
Беларусы могуць судзiць «Газпром» i «Лукойл» у Амерыцы
Другая, больш прывабная група патэнцыйных адказчыкаў, якiх могуць судзiць у амерыканскiх судах iншаземныя iсьцы, - транснацыянальныя карпарацыi (ТНК), якiя садзейнiчаюць рэжымам, абвiнавачваным у грубых парушэньнях правоў чалавека. Найбольш вядомы гiстарычны прыклад – справа нафтавай кампанii «Unocal», абвiнавачванай у шчыльных сувязях з урадам дзяржавы Бiрама, якi груба парушаў нормы мiжнароднага права (ужываньне нявольнiцтва). Дзякуйчы намаганьням праўнiкаў, «Unocal» дасягнула шматмiлённага па-за-судовага пагадненьня з iсьцамi i пазбегла судовага прэцыдэнту, небясьпечнага для iншых ТНК.
Аналiз прэцыдэнтнага права ЗША сьведчыць аб тым, што icьцом у амерыканскiм судзе могуць таксама стаць ТНК, якiя маюць расейскiя каранi, напрыклад «Газпром». Пытаньне тэрытарыяльнай падсуднасьцi справы амерыканскаму суду ў выпадку з ТНК можа вырашацца на карысьць iсьца на падставе так званай тэорыi «мiнiмальных бiзнэс кантактаў» са ЗША (гл., напрыклад, справу 1945 г. Int’l Shoe Co. v. Washington, афiц. № - 326 U.S. 310). Сутнасць дадзенай тэорыi ў тым, што як толькi замежная кампанiя пачынае займацца бiзнэсам на амерыканскай зямлi, цi нават гандляваць з амерыканскiмi кампанiямi, яна робiцца дасягальнай для iскаў, заснаваных на парушэньнях амерыканскiх законаў, у дадзеным выпадку – закону ATS. У гэтай сувязi дарэчы згадаць моцную зацiкаўленасць «Газпрома» амерыканскiм рынкам.
З аднаго боку, частка амерыканскiх праўнiкаў абгрунтавана заклапочана тым, што заканадаўства, накшталт закону ATS, можа стаць сур’ёзным ударам па разьвiцьцю амерыканскай эканомiкi (гл. артыкул Gary Hufbauer, International Implications of the Alien Tort Statute, 16 St. Thomas L. Rev. 607). Але ж, у той жа час у Кангрэсе i ў Вярхоўным Судзе ЗША ёсць разуменьне, падмацаванае цiскам некамерцыйных праваабарончых арганiзацый, што павiнны iснаваць пэўныя стрымлiваючыя юрыдычныя механiзмы, якiя не дазваляюць ТНК рабiць грошы «на людскiх касьцях» пры дапамозе супрацоўнiцтва з дыктатарскiмi рэжымамi.
Менавiта з гэтай прычыны амерыканскiя суддзi i заканадаўцы намагаюцца знайсцi «саламонава рашэньне» у пытаньнi грамадзянскай адказнасьцi карпарацый за саўдзельнiцтва ў парушэньнях правоў чалавека. Паводле дасьледаваньня прафесара юрыдычнай школы унiверсiтэта Rutgers Camden з штату Нью-Джэрсi Beth Stephens, амерыканскiя суды адмаўляюцца прыцягваць кампанii да адказнасьцi толькi на падставе факту iх бiзнэс-супрацоўнiцтва з «падазорнымi» урадамi. Аднак, калi icнуе больш пэўная прычынная сувязь памiж дзеяньнямi кампанii i парушэньнямi правоў чалавека ў замежнай дзяржаве, дык карпарацыя можа быць прыцягнута да грамадзянскай адказнасьцi. У гэтай сувязi ўзгадаем шэраг пагадненняў з удзелам «Газпрома» i ўрада Лукашэнкi, якiя адсутнасьцю эканамiчнай логiкi выклiкалi шок у многiх расейскiх экспертаў (гл., напрыклад, http://www.opec.ru/news_doc.asp?d_no=50017). На хвiлiну ўяўляя сабе амерыканскiм суддзёй, давайце зададзiм сабе рытарычнае пытаньне: што гэта было – «толькi бiзнэс», цi cьвядомыя дзеяньнi, накiраваныя на падтрымку рэжыму, мэтай якога з’яўляецца поўнае знiшчэнне палiтычнай апазiцыi на Беларусi?
Яшчэ адзiн цiкавы прыклад – нафтавая кампанiя «Лукойл», кiраўнiцтва якой, як вядома, мае шчыльныя зносiны з Лукашенка. Адна з апошнiх cустрэч у гэтым кiрунку адбылася ў студзенi 2006 г., непасрэдна перад супярэчлiвымi выбарамi прэзiдэнта. Тады «Лукойл» атрымаў вязiзарную падтрымку з боку Лукашенка (гл.артыкул на http://www.bankir.by/modules.php?name=News&file=article&sid=27). Малаверагоднай бачыцца магчымасьць доказу таго, што «Лукойл» непасрэдна прымаў ўдзел у парушэньнях правоў чалавека на Беларусi. Але ж, даволi рэалiстычнай бачыцца спроба пераканаць амерыканскi суд у тым, што «Лукойл» усьведамляў верагоднасьць грубых парушэньняў правоў чалавека пад час выбараў прэзiдэнта ў сакавiку 2006 г., i, больш за тое, магчыма жадаў такiх наступстваў. Верагодная мэта «Лукойла» - жаданьне ўсiмi сродкамi захаваць на Беларусi ўладу, якая гарантуе кампанii рахманае жыццё i прыбытак. Магчымая карысць для Лукашэнкi – эканамiчная выгада i узмацненне аўтарытэта рэжыму. А вось, магчыма, i першы ўскосны доказ таго, што кiраўнiцтва «Лукойла» магло усьведамляць верагоднасьць (i жадаць) перамогi Лукашенка любым, нават крывавым, спосабам: пасаду старшынi кансультатыўнага савета «Лукойл-Белорусии», даччынага прадпрыемства «Лукойла», займае былы кiраўнiк прэзiдэнскай адмiнiстрацыi i экс-дзяржсакратар Савета Дзяржаўнай Бяспекi Беларусi Урал Латыпаў. Нарэшце, бiзнэс-сувязь «Лукойла» з ЗША сёння вiдавочна: амерыканскiя аўтамабiлiсты ўжо доўгi час карыстаюцца запраўкамi, маючым дзiўную расейскую назву «Lukoil».
Цi ёсць шанец?
На думку аўтара гэтага артыкула, якi прааналiзаваў дзесяткi рашэньняў судоў ЗША па справах аб парушэньнях правоў чалавека, найбольш перспектыўнымi для беларускiх icьцоў могуць быць дзве катыгорыi iскаў да парушальнiкаў правоў чалавека на Беларусi. Па-першае, гэта – справы аб найбольш абуральных прушэньнях правоў чалавека, напрыклад, па iсках сваякоў вядомых беларускiх дзеячоў, якiя, магчыма, зьнiклi цi былi забiты па палiтычных матывах. Па-другое, гэта – супольныя iскi (так зв. «class action») грамадзян Беларусi, якiя б аб’ядналi ў сабе меньш абуральныя факты, але ж якiя утварылi б карцiну сур’ёзных i ciстэматычных праушэньняў правоў чалавека, напрыклад, магчымых дзеяньняў ўлады, накiраваных на cьвядомую дыскрымiнацыю беларускамоўнага насельнiцтва альбо знiшчэнне палiтычнай апазiцыi на Беларусi.
Безумоўна, у кожным асобным выпадку патрабуецца ацэнка фактаў парушэньняў правоў чалавека на Беларусi i iх аналiз праз прызму iснуючага прэцыдэнтнага права ЗША. Толькi такiм чынам магчыма вызначыць патэтцыяльную пасьпяховасьць канкрэтнага iску. Зараз прыгадаем толькi некалькi апошнiх рашэньняў судоў ЗША, якiя, магчыма, зацiкавяць беларускiх праваабаронцаў.
У 2002 г. у справе Tachinova v. Zimbabwe Patriotic Front (афiц. № - 234 F.Supp. 2d 401) амерыканскi суд даследаваў факты шматлiкiх парушэньняў палiтычных правоў i свабодаў грамадзян кiруючай партыяй Зiмбабве i знайшоў, што такiя парушэньнi мелi ciстэматычны i абуральны характар i з’яўлялiся дастаткова грубым парушэньнем мiжнароднага права. У вынiку, суд прынял гэтую справу да разгляданьня.
У 2004 г. амерыканскi суд разглядаў справу па iску членаў забароненага ў Кiтае прадэмакратычнага духоўнага руху Falun Gong да афiцыйных асобаў Кiтая (афiц. № – 349 F. Supp. 2d 1258). Суд зрабiў выснову, што афiцыйныя асобы не абаронены iмунiтэтам ад iскаў ў амерыканскiм судзе, таму што яны груба парушалi кiтайскую Канстытуцыю, дапусцiўшы катаваньнi. Акрамя таго, паводле суду, катаваньнi з’яўлялiся даволi цяжкiм парушэньнем мiжнароднага права, i cуд прыняў гэтую справу да разгляду.
Шанец – ёсць!
Безумоўна, iншаземнаму iсьцу зусiм ня проста выйграць у амерыканскiм судзе справу аб парушэньнях правоў чалавека, i толькi невялiкi працэнт пададзеных iскаў завяршаецца вердыктам супраць адказчыкаў. У дадатак да цяжкасцяў, аб якiх шла гаворка вышэй, iсьцу прыдзецца сутыкнуцца з iншымi працэсуальнымi перашкодамi, напрыклад, тэрмiнам iскавой даўнасцi (па агульнаму правiлу – 10 год), дактрынай «палiтычнага пытаньня» (суд адмаўляе ў iске з прычыны надта сур’ёзнай знешнепалiтычнай падаплёкi справы), а ў некаторых выпадках i з патрабаваннем праходжання унутрыдзяржаўных судовых установаў ўсiх узроўняў ў краiне, дзе былi парушаны правы чалавека.
Нягледзячы на ўсi пералiчаныя складанасцi, беларускiм праваабарончым арнанiзацыям варта звярнуць пiльную ўвагу на дадзены сродак абароны правоў чалавека, якi лiчыцца адным з самых эфектыўных прававых механiзмаў абароны правоў чалавека ў сьвеце. Ва ўмовах пагрозы дзяржаўнаму суверэнiтэту Беларусi, перамогай будзе хаця б тое, што грамадзяне, чые элементарныя правы парушаны, атрымаюць магчымасць выказацца перад непрадузятым судом. Таксама было б вельмi цiкава паслухаць судовую ацэнку сведчанняў былых беларускiх службоўцаў, якiя не адмаўляюцца ад такiх сведчанняў (гл., напрыклад, кнiгу былога начальнiка менскага сiза А. Алкаева «Расстрельная команда»).
Акрамя таго, праўнiкi кожнай паважаючай сябе буйной мiжнароднай карпарацыi не абмiнаюць гаворкi пра магчымыя наступствы закона ATS для гэтых карпарацыяў. Калi расейскiя кампанii, якiя падтрымлiваюць рэжым Лукашэнкi, плануюць выходзiць на рынкi ЗША, яны ня мусяць спадзявацца, што праблема закону ATS iх не закране.
Беларускiя праваабарончыя арганiзацыi здольны ажыццявiць збор i ўпарадкаваньне фактаў парушэньняў правоў чалавка на Беларусi, у той час як iх амерыканскiя калегi здольны зрабiць юрыдычную ацэнку гэтых фактаў i падрыхтаваць перспектыўныя iскi.
Разам з тым, неабходна зразумець даволi простую рэч: у сучасным сьвеце грошаў i бiзнэсу анi Уладзiмiр Пуцiн, анi Эўразьвяз, анi Джорж Буш, анi нават Вярхоўны Суд ЗША ня зробяць, па ўласнай iнiцыятыве, беларусам падарунак пад назвай «дэмакратыя». Каб здабыць сёння права сваёй нацыi на iснаванне, трэба самастойна шукаць i выкарыстоўваць любыя эфектыўныя прававыя сродкi, адным з якiх, безумоўна, з’яўляецца механiзм апiсаны ў гэтым артыкуле.
Яўген Вайткевiч, Выпускнiк Беларускага Iнстытуту Првавзнаўства, Студэнт 2-га курсу Юрыдычнай школы Seton Hall шт. Нью-Джэрсi, ЗША P.S. Пытаньнi дасылайце на электроннаю пошту:
Гэты адрас e-mail абаронены ад спам-ботаў. Каб убачыць яго, у Вас павінен быць уключаны Java-Script
|