website languages:
Навіны
Артыкулы
Літаратура
Відэа/Аўдыё
 
Аб нас
Нашы ініцыятывы
Бясплатны хостынг
Далучыцца
Кантакт
 
Сябры
Нашы банэры
 




Беларускі Мўзэй, Нью Ёорк, ЗША



Пра разбуральную дзейнасьць Вячкі-Уолтэра Станкевіча Адправіць на e-mail
Wednesday, 01 September 2010
Адміністрацыя сайта вырашыла патрэбным зьмясьціць адкрыты ліст да грамадзкасьці Міколы Сагановіча, які прыйшоў на наш імэйл, на сваім рэсурсе. У  гэтым звароце ўзгадваюцца шматлікя пытаньні, якія непасрэдным чынам датычацца дзейнасьці БелМузэя ў Нью-Ёрку і жыцьця беларускай грамады ў ЗША, і якія патрабуюць вырашэньня і ўвагі з боку кіраўнікоў і іншых арганізацый беларускай дыяспары.

Шаноўныя Сябры-Беларусы!

Меней чым праз два тыдні адбудзецца 29-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью-Брансўіку, дзе мы будзем рады бачыць усіх Вас!

Але гэтым сваім лістом я хачу паказаць і тое, што ня ўсё ладна ў Беларускай грамадзе Амэрыкі.

Вядома, што кожны паступае і робіць розныя дзеяньні ў адпаведнасьці са сваімі прынцыпамі. Не ў маіх правілах паліваць брудам за сьпіной. Але я лічу патрэбным, каб дзейнасьць кіраўнікоў Беларусі і Беларускіх грамадзкіх арганізацый была як мага больш празрыстай ды зразумелай тым людзям, інтарэсы якіх павінны адстойваць гэтыя самыя кіраўнікі і на якіх мы ўсе ўсклалі адказнасьць вырашаць шматлікія складаныя пытаньні, што стаяць перад усімі намі. Таму я і дасылаю гэты ліст, дзе распавядаю пра факты аб дзеяньнях Вячкі-Уолтэра Станкевіча, якія мне вядомы.

Ці дазваляць і надалей рабіць падобныя несумленныя ўчынкі спадару Вячке-Уолтару Станкевічу, які знаходзіцца на шматлікіх высокіх пасадах, але, такое адчуваньне, што толькі прыкрываецца абліччам абаронцы Беларускіх ідэяў і Беларушчыны, робячы незразумелыя ўчынкі, агаворваючы іншых ды не прымаючы мераў для вырашэньня канфліктаў у арганізацыі БАЗА і нашай беларускай грамадзе, - вырашаць як раз такі усім нам - беларусам.

Глядзіце калі ласка прычэплены файл, у якім я апісаў падзеі, якія адбываліся на працягу апошняга года. Ужо толькі па іх ёсьць шмат пытаньняў. Аднак некаторыя кіраўнікі, на вялікі жаль, адмаўляюцца адказваць на іх і шукаць паразуменьня ды выхаду з канфліктай сытуацыі. Можа, гэты мой зварот стане тым крокам, якое прымусіць кіраўнікоў, у тым ліку і Вячку-Уолтара Станкевіча, прадпрыняць дзеяньні, каб не дапусьціць большага расколу і вырашыць існуючыя балючыя пытаньні дэмакратычным шляхам і не рабіць тым самым закладнікамі ўсіх нас - беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Раскол на асобныя лягеры нам не патрэбны!

Запрашэньне на 29-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амэрыкі (Нью-Брансўік)

Як бы там ні было, але менавіта ў такія часы бязуладзьдзя ды несумленных паводзін нашых гэтак званых лідэраў мы маем добрую магчымасьць прадэманстраваць сваю еднасьць, няглядзячы ні на што. Сустрэцца, паразмаўляць, абмеркаваць радасныя ды балючыя пытаньні ў нас – беларусаў з усіх куткоў Паўночнай Амэрыкі – зьяўляецца магчымасьць ня гэтак і часта. Таму я як сябра БАЗА, Беларускай Царквы, Беларускага Музэю зьвяртаюся, шаноўныя беларусы, зараз да Вас.

Нам няма чакаць дапамогі ні ад каго. Трэба самімі вырашаць свой лёс. Трэ заўсёды памятаць, што мы – Беларусы, прымаць удзел у правядзеньні нашых беларускіх сьвятаў, узгадваць нашых знакамітых продкаў, адзначаць радасныя імгненьні разам ды дапамагаць адзін аднаму ў складаныя часы.

Хай такім аб’яднаючым крокам стане Ваш удзел у 29-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью-Брансўіку. Мы зможам паслухаць песьні ў выкананьні народнай артысткі Беларусі Валянціны Пархоменкі, Алеся і Волі Казак. Таксама Белмузэем у Нью-Ёрку будзе зладжана выстава прац беларускіх мастакоў.

Будзем з вялікай радасьцю бачыць Вас на нашай Беларускай Сустрэчы!


З павагай,

Мікола Сагановіч

Адкрыты ліст да грамадзкасьці Міколы Сагановіча

Набліжаецца 29-ая Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі. І зараз кожнага беларуса, які цікавіцца жыцьцём беларускай грамады цікавіць, чаму так здарылася і адкуль пайшоў канфлікт.

- Канфлікт у БАЗА

Пачаўся ён праз некаторы час пасьля Кангрэсу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Падчас выбараў органаў кіраўніцтва ды старшыняў арганізацыі на мерапрыемстве ў якасьці галасаваўшых за спадара Вячку-Уолтэра Станкевіча ўдзельнічала група людзей з нібыта Кліўлэндзкага аддзелу БАЗА, якая і схіліла выніковую перавагу ў адзін голас на карысьць Станкевіча. Аднак хутка высьветлілася, што ніякага арганізаванага аддзела ці гуртка БАЗА з фармальнымі прызнакамі (ні сьпісаў няма, ні складак аніхто не плаціў), неабходнымі для вылучэньня кандыдатаў, у Кліўлэндзе не існавала на працягу апошніх прынамсі дзесяцігодзьдзяў. Пасьля ўдзельнікі Кангрэсу сабралі неабходныя 20% подпісаў дэлегатаў Кангрэсу, якія ў адпаведнасьці са Статутам арганізацыі дазваляюць прызнаць прайшоўшыя выбары і “абранага” кіраўніка нелегітымнымі ды склікаць па-зачарговы Кангрэс.

Спадар Станкевіч пра гэты падман цудоўна ведаў, але прызнаваць свае крокі недэмакратычнымі не стаў, па сутнасьці адмовіўшыся ад усялякіх кантактаў і супрацы нават з кіраўнікамі найбольш буйных аддзелаў БАЗА – Нью-Ёркскага Віталём зайкай і Нью-Джэрсійскага Юркай Азаркай. Там самым спадар Вячка ўскалыхнуў канфлікт, падобны тым, якія разварочваліся ў беларускай амэрыканскай грамадзе ў 1963-м і 1984-м гадах. У хуткім часе Нью-Ёркскі і Нью-Джэрсійскі аддзелы БАЗА прызналі кіраўніцтва Галоўнай Управы на чале з Вячкай Станкевічам нелегітымным, бо яно ня выконвала патрабаваньні дзеючага Статута БАЗА.

У гэты час спадар Станкевіч замест таго, каб пайсьці на паразуменьне дэмакратычным шляхам ды знайсьці выхад з канфліктнай сытуацыі, як тое зрабіў бы любы адказны ды сумленны кіраўнік, з усёй энэргіяй узяўся пашыраць раскол ня толькі ў арганізацыі БАЗА, але і ва ўсёй беларускай грамадзе паўночна-усходняй часткі ЗША.

- Перашкоды дзейнасьці Беларускага Музэю ў Нью-Ёрку

Вядомы нам яго мэтанакіраваныя крокі па зьнішчэньні Беларускага Музэю ў Нью-Ёрку, ініцыятыва аб стварэньні якога зыходзіла – што трэба адзначыць асабліва - ад новай хвалі эміграцыі – ад маладых людзей, якія прыехалі ў ЗША ўжо на пачатку гэтага стагодзьдзя. Замест таго, каб дапамагчы разьвіцьцю дзейнасьці, якая дала плён за першыя гады існаваньня – прыцягнула шмат новых адукаваных людзей, у тым ліку маладых, у нашу грамаду – спадар Станкевіч, маючы высокі статус і аўтарытэт сярод прадстаўнікоў старой эміграцыі ды займаючы некалькі высокіх пасад у арганізацыях беларускай дыяспары, пачаў уводзіць у зман знаёмых яму беларусаў. Хлусьліва ды беспадстаўна абвінавачваўшы актыўна прымаўшых удзел у дзейнасьці Музэя людзей у грашовых махінацыях ды іншых незаконных дзеяньнях (заўважце - толькі на словах!), Станкевіч пачаў рассылаць электронныя лісты, відавочнай мэтай якіх было спыненьне дзейнасьці Белмузэя ў Нью-Ёрку. Так, ён у прыкладзенай копіі ліста заклікае не дапусьціць далейшага пагадненьня паміж Музэем і Царкоўнай Радай Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне, у грамадзкай залі якога Музэй ладзіў большасьць сваіх выстаў, а з часам плянаваў разгарнуць і пастаянную экспазыцыю ў ніжніх памяшканьнях будынку.

Вінаваціў Станкевіч прадстаўнікоў Музэя нават у тым, што яны зьвяртаюцца да грамадзкасьці з просьбай аб дабрачынных ахвяраваньнях. Для Музэя ў Нью-Ёрку ён гэта лічыў нечым незаконным, але для, напрыклад, заснаванага ў Канзасе Цэнтра Беларускіх Дасьледваньняў (пры якім дарэчы дзейнічае ці павінен будзе пачаць працаваць і музэй), у склад кіраўніцтва якога, вядома, уваходзіць і ён сам, аб’явы зьмяшчаў ў розных медыях.

Які вынік мы бачым на сёньня? Белмузэй у Нью-Ёрку, які за першыя тры гады сваёй дзейнасьці правёў больш за 20 выстаў, у тым ліку ў Кангрэсе ЗША, у мэрыі Осла ў Нарвэгіі, дзе ўручаюцца Нобэлеўскія прэміі, Эстонсікм Парлямэнце, нямецкім Фондзе Маршала, у беларускіх асяродках Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі ды Кліўлэнду, у апошні год амаль спыніў сваю працу. А беларуская грамада - пераважна моладзь, якая раней зьбіралася рэгулярна на мерапрыемствы Белмузэя, зараз вымушана шукаць новыя месцы сустрэч. Вядома, што не абавязкова яны зьбіраюцца разам і не абавязкова зараз тыя сустрэчы датычацца Беларусі, мастацтва, культуры ці гісторыі нашага краю...

- Захоп Фундацыі і чарговае выгнаньне беларусаў

Яшчэ адным напрамкам зьнішчальнай дзейнасьці спадара Станкевіча стала Фундацыя Пётры Крычэўскага. Напэўна, незадаволены колькасьцю сваіх пасадаў у беларускіх арганізацыях ЗША, ён з дапамогай старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы быў уведзены (ізноў жа ў абыход Статута і гэтай арганізацыі!) і ў лік сяброў Рады, а потым і стаў яе старшынёй. Адным з першых крокаў на новай пасадзе стала забарона на штомесячны збор у памяшканьні фундацыі ў Куінсе сябраў аддзелу БАЗА Нью-Ёрку. А яны там зьбіраліся некалькі апошніх дзесяцігодзьдзяў!

Папросту прымусіўшы людзей пайсьці шукаць новыя месцы збору (пад відам разгорнутага рэмонту, хоць зацікаўленыя могуць ведаць, што ніякіх прац у фундацыі не вядзецца), спадар Вячка-Уолтар Станкевіч нават не клапоціцца пра тое, у якіх умовах дзесяткі беларусаў-сяброў БАЗА зьбіраюцца на свае сходы і як яны гэта будуць рабіць далей. Сапраўдныя паводзіны кіраўніка нічога ня скажаш... Гэта Вам не нагадвае ніякага кіраўніка, з-за якога многія з нас і апынуліся за тысячы кіламэтраў ад сваёй Бацькаўшчыны? Ды чаго чакаць ад чалавека, які зьбіраў некалькі гадоў назад з людзей, якія толькі прыехалі ў ЗША, па 20 даляраў за магчымасьць паслухаць яго “карысныя” парады пра тое, як жыць у ЗША...

- І царква БАПЦ – месца выключна для Станкевічавай каманды

Але і гэта яшчэ ня ўсё. Уключыўшы ў Галоўную Ўправу БАЗА сяброў парафіяльнае рады Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, ён па сутнасьці падначаліў сабе і гэты орган. У выніку ў парафію не былі прыняты некалькі беларусаў, якія наведвалі царкву больш за год, і больш таго – сябры парафіі па надуманых прычынах адмовіліся прымаць у свае шэрагі Міколу Ільківа, які прыслужваў айцу Вячаславу (зараз япіскап Сьвятаслаў) з 2002-га года! А ўсё для чаго, напэўна? Каб не дапусьціць галасоў не на сваю карысьць!

І што мы бачым зараз у галоўным Саборы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы? Прайшоў год пасьля таго рашэньня, якое з пенай у рта адстойвалі некаторыя сябры парафіяльнае рады Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага (яны ж – сябры Галоўнай Управы БАЗА) і зараз нядзельныя багаслужбы пачынаюцца ў прысутнасьці пары-тройкі людзей, імпрэзы і мерапрыемствы не праводзяцца, абеды не гатуюцца, унутраныя і вонкавыя рамонтныя працы спынены.

- Нязгодных – выключыць, з пакорлівымі - гуляцца

Цікавымі зьяўляюцца і самыя апошнія крокі Вячкі Станкевіча і яго каманды на пасадзе старшыні БАЗА.

Па-першае, Галоўная Ўправа прапанавала выключыць з шэрагаў арганізацыі ...лідэраў аддзелаў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі Віталя Зайку і Юрку Азарку за тое, што яны замовілі залю для правядзеньня чарговай Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью-Брансуіку. Адзначым, што беларусы на працягу дзесяцігодздзьяў традыцыйна зьбіраліся менавіта ў Нью-Брансуіку, калі Сустрэча праводзілася ў Нью-Джэрсі, і што ладзілі мерапрыемства менавіта рэгіянальныя арганізацыі БАЗА, а ГУ прымала ўдзел толькі на кансультацыйным узроўні.

Па-другое, камандай БАЗА быў стваораны Бруклінскі аддзел арганізацыі. Здаецца, нарэшце нешта карыснае? Але створаны ён, як бачым, на тэрыторыі ўжо існуючага “непадкантрольнага Станкевічу” Нью-Ёрксакага. А калі зірнуць яшчэ бліжэй, то можна ўбачыць, што сябрамі яго зьяўляюцца ў большасьці далёка ня бруклінцы. Відавочна – гэта чарговая лялечная структура ў руках Станкевіча.

Нагадаю, што і Фундацыя Крычэўскага, і Сабор у Брукліне створаны для яднаньня беларусаў як месцы збораў людзей розных поглядаў ды канфэсій. Пра гэта гаворыцца ў архіўных дакумэнтах, створаных людзьмі, заснаваўшымі іх. І Нью-Ёркскі, і Нью-Джэрсійскі Аддзелы БАЗА, і Галоўная Ўправа, і БелМузэй маюць сваімі ўстаўнымі мэтамі разьвіцьцё беларускай справы і яднаньне беларусаў ды дапамогу суайчыньнікам. Ці зьяўляецца дзейнасьць ці не найбольш уплывовага беларуса ЗША зараз карыснай для нашай беларускай дыяспары ЗША кожны зрабіць выснову можа сам.

 
< Папяр.   Наст. >





Бясплатны хостынг

За Беларускую Мову!